+375(212) 37-94-76, 37-79-45    vitebsk.apk@gmail.com

Новый телятник в КУСХП «АгроСитцы» возвели хозяйственным способом

Новый телятник в КУСХП «АгроСитцы» возвели хозяйственным способом

Будаўніцтва або рэканструкцыя будынкаў гаспадарчым спосабам у сельгаспрадпрыемствах дазваляе значна патанніць гэтыя працэсы дзякуючы выкарыстанню ўласных будаўнічых брыгад, а не падрадчыкаў. Гэта ключавы метад мадэрнізацыі, які забяспечвае зніжэнне затрат і стварэнне ў далейшым канкурэнтаздольнай прадукцыі. Менавіта гаспадарчым спосабам у КУСГП “АграСітцы” правялі рэканструкцыю будынка былога свінарніка на тэрыторыі МТФ “Сітцы”, у якім размясцілі больш за 200 галоў цялят ад нараджэння да чатырохмесячнага ўзросту.

– У рамках Указа Прэзідэнта № 70 аб развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебшчыны многія сельгаспрадпрыемствы разгарнулі будаўнічыя пляцоўкі на жывёлагадоўчых аб’ектах, – гаворыць намеснік дырэктара гаспадаркі Надзея Голікава. – Не засталіся ў баку ад гэтай справы і мы. У планах яшчэ многае – паступова будзем іх рэалізоўваць. Што датычыцца былога свінарніка, які працяглы час не эксплуатаваўся, то варта адзначыць, што будынак гэты прасторны, не ў аварыйным стане, з моцнымі сценамі і дыхтоўным дахам. Папрацавалі над ім, канешне ж, нямала, але яно таго варта. У першую чаргу забетанавалі падлогавае пакрыццё, давялі да ладу вокны і дзверы, затым правялі ваду і электрычнае асвятленне. Для цялят, скажам так, ад нуля і да паўтара-двух месяцаў зрабілі зручныя і камфортныя драўляныя клеткі, для большых, якія ўтрымліваюцца на глыбокай падсцілцы, таксама драўляныя кармушкі. У памяшканні камфортная для малечы плюсавая тэмпература нават у маразы і разам з тым добрая вентыляцыя. Карацей, вынікамі зробленага мы задаволены. Чакаем, што належныя ўмовы ўтрымання дадуць у хуткім часе станоўчы вынік і па захаванасці пагалоўя, і па яго прывагах.

Задаволена наваселлем і цялятніца Алена Майсіевіч, ахвотна дэманструе, як абжыліся яе гадаванцы.

– Вялікі плюс, што цяляты ў клетках – іх 102 – стаяць не на саломе, проста насланай на бетон, а пад саломай той драўляныя няшчыльныя паддоны, і ў маіх малышоў суха, – дзеліцца руплівая сітцаўская працаўніца, якая, дарэчы, па выніках мінулага года заняла трэцяе месца ў раённым спаборніцтве сярод аператараў па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы. Жанчына з такой адказнасцю адносіцца да даручанай справы, з такой любоўю да сваіх падапечных, што іншых вынікаў у рабоце проста не можа быць. На сённяшні дзень Алена даглядае ажно 216 цялят. Не прамінае адзначыць, што ёсць у яе і памочнікі: кіраўніцтва гаспадаркі клапоціцца, каб нагрузка не была празмернай. І ўсё ж асноўны клопат аб плюшавых гадаванцах з вялікімі вільготнымі вачыма – на ёй. Кармленне належнае, ёсць бойлер, каб падагрэць ваду. У памяшканні яшчэ будзе праводзіцца мадэрнізацыя, але ўжо зараз яно цалкам прыгоднае для ўтрымання жывёлы.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

Родныя Вытокi