У ААТ «Навасёлкі-Лучай» веснавыя палявыя работы распачалі адразу, як толькі дазволіла надвор’е. Ужо пасеяны гарох і ячмень. На чарзе — пшаніца. У сераду яе сеялі каля Сарапон.
Землі тут цяжкія, палі малаконтурныя, таму працаваць на іх няпроста. Складальнікаў высокага ўраджаю шмат. Адзін з іх — якасная падрыхтоўка глебы. Каля Сарапон першымі па полі ехалі на трактарах з чызелямі Валерый Адзінец і Вадзім Тамашэвіч. Наступны след рабілі культыватарамі Яўгеній Грышчанка і Пётр Піваваровіч. Яны — землякі, абодва з Браслаўскага раёна, скончылі, толькі ў розны час, відзаўскі каледж. Яўгеній з сям’ёй у Навасёлкі перабраўся раней, Пётр — пазней.
— Мяне выхоўвалі бабуля з дзядулем, — расказваў Пётр. — Прывучылі да працы, дзякуючы ім стаў механізатарам. Прафесію люблю. Гаспадарка, дзе я жыў, развальвалася. Рашыўся змяніць месца жыхарства. У Навасёлках мяне прынялі па-бацькоўску: выдзелілі жыллё, далі работу, якая нядрэнна аплачваецца.
Летась хлопец ажаніўся. У сям’і нарадзіўся першынец. Назвалі Васіліем. Работай Пётр Піваваровіч задаволены. За ім замацавалі трактар, на якім да мінулага года працаваў Яўгеній Грышчанка, а той атрымаў новы. Тэхніка ў руках гэтага вопытнага механізатара дагледжаная. Старэйшы зямляк ва ўсім з’яўляецца прыкладам для маладога калегі.
Перад тым як пусціць сеялкі, у глебу ўносяць калійныя ўдабрэнні. Гэта абавязак Аляксандра Федаронка. Ён — руплівец. Кожны год дабіваецца высокіх вынікаў на любым участку работы.
На трактарах з сеялкамі працуюць вопытныя механізатары Юрый Татарчук і Андрэй Врублеўскі. Юрый сее 20-ю вясну. 20 гадоў надзейна служыць механізатару трактар «Джон Дзір». Крыху меншы стаж у Андрэя. Але абое не гоняцца за гектарамі, а імкнуцца пасеяць якасна. Прыемна назіраць за работай гэтага тандэма: яны ўдваіх восенню засяваюць запланаваную плошчу азімымі, вясной — яравымі.
Насенне ў поле на МАЗе дастаўляе Аляксандр Варашкевіч, перагружае яго ў загрузчык Леаніда Сініцы. А той запраўляе сеялкі.
Механізатары, занятыя на апрацоўцы глебы, сяўбе, — першыя, ад каго ў немалой ступені залежыць высокі ўраджай. Пазней пасевы падкормяць, апрацуюць ад шкоднікаў, «прахімічаць» супраць пустазелля. Сваю ролю сыграе надвор’е. І толькі ў жніўні будзе бачны плён нястомнай працы хлебаробаў.
Анна Анішкевіч

