Трэцякурснікі Пастаўскага дзяржаўнага каледжа сабраліся на дыялогавую пляцоўку з удзелам старшыні абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяны Дзіканавай.
Мерапрыемства праходзіла адразу пасля Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, таму яго госцем стаў выпускнік СПТВ-2 (так называўся каледж раней), а цяпер вадзіцель ААТ «Навасёлкі-Лучай», удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане Іван Юркайць. Ён расказаў, што павестку з ваенкамата атрымаў у 18 гадоў. У вучэбку трапіў ва Усць-Каменагорск, што ў Казахстане, і адразу зразумеў, што тут навабранцаў рыхтуюць да служ бы ў Афганістане. Праз тры месяцы вучобы, трэніровак і прыняцця прысягі Івана адправілі ў Кабул. Атрад, дзе ён служыў, выконваў комплекс задач па абароне важных ваенных і грамадзянскіх аб’ектаў, у тым ліку тэлебачання і радыё Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан, тэлевышкі.

— Нам аддавалі загад — і мы ішлі туды, куды нас накіроўвалі, — гаварыў воін-інтэрнацыяналіст. — На Афганскай вайне савецкія салдаты захавалі вернасць ваеннай прысязе, праявілі мужнасць, стойкасць, высакароднасць. Жыць пад мірным небам — вялікае шчасце. Таму цаніце і беражыце мір!

Таццяна Дзіканава падзякавала Івану Юркайцю за годна выкананы ім інтэрнацыянальны абавязак, за тое, што знайшоў час на сустрэчу з моладдзю, пажадала яму моцнага здароўя і ўручыла ад абласной прафсаюзнай арганізацыі грашовы сертыфікат. Прафсаюзны лідар работнікаў аграпрамысловага комплексу Віцебшчыны адзначыла, што на долю старэйшага пакалення выпала нямала выпрабаванняў, але яно выстаяла, захавала краіну, а моладзі застаецца прымнажаць дасягнутае.

Таццяна Дзіканава расказала трэцякурснікам прагарантыі, якія яны атрымаюць пасля размеркавання на свае першыя рабочыя месцы, правы і абавязкі, сістэму настаўніцтва, конкурсы прафмайстэрства, ступені кар’ернага росту і многае іншае. Яна спынілася на пунктах Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на пяцігодку, задачах, пастаўленых на другім пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу, звярнула ўвагу на тое, што пра моладзь клапоціцца дзяржава і Прэзідэнт.
Захаванне жыцця ў сельскай мясцовасці — адна з галоўных задач рэгіянальнай палітыкі на сучасным этапе развіцця краіны. Спікер дыялогавай пляцоўкі заклікала моладзь старанна вучыцца, а потым добрасумленна працаваць, быць патрыётамі Беларусі. Запэўніла, што прафсаюз заўсёды гатовы падтрымаць ініцыятывы маладых людзей.
— У нашай краіне для вас адкрыты ўсе дарогі, — гаварыла Таццяна Дзіканава. — На Радзіме вы адчуеце сваю значнасць. Ваша будучыня пачынаецца сёння, калі можаце поўнасцю засяродзіцца на сабе, сваіх інтарэсах і марах, рэалізаваць іх. Не змарнуйце час вашых магчымасцей!