Гэтымі днямі сустракае свой 65-гадовы юбілей дырэктар СУП «Цітова» Франц Вершалоўскі. Пад яго ўмелым кіраўніцтвам гаспадарка трымае лідарства ў раёне па вытворчасці мяса і малака.
Што кажуць пра Франца Віктаравіча калегі?
З першых дзён работы ў гаспадарцы суправаджала дырэктара Франца Вершалоўскага яго правая рука – намеснік па жывёлагадоўлі Даната Шчалкун.
– Напачатку не ведалі, чаго чакаць. Ідзе ляснік. Што ён можа зрабіць у сельскай гаспадарцы? Баяліся і мы, і ён, – узгадвае Даната Целясфораўна. – Франц Віктаравіч аказаўся граматным спецыялістам. У жывёлагадоўлі мала разумеў, і гэта прызнаваў. Прыслухоўваўся да мяне, раіўся і дапамагаў, чым мог.
У першую чаргу ў сельгаспрадпрыемстве пад кіраўніцтвам новага дырэктара механізавалі ўсю ручную працу. Памяшканні прыстасавалі пад кормараздатчык «Гаспадар». Перавялі жывёлу на бяспрывязнае ўтрыманне, бо яно менш затратнае. Ужо праз год – у 2014-м – кароў з даільнай залы на летне-пашавы перыяд сталі выганяць у поле. Такім чынам аздаравілася пагалоўе, выраслі прывагі і надоі. Разам з тым зменшыліся выдаткі на ўтрыманне жывёлы і сабекошт малака. Вялікую ўвагу надавалі вырошчванню цялушак – а гэта залог здаровага дойнага пагалоўя ў наступным.
З падачы дырэктара ўмацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база гаспадаркі. Зроблены капітальны рамонт ангара для тэхнікі. Узвялі арачнік на ферме «Субачава». Калі вырошчваць свіней стала нерэнтабельным, рэканструявалі былы свінакомплекс, у будынках якога размясцілася малочнатаварная ферма, утрымліваюцца цёлкі перадзлучнога перыяду і бычкі, прыстасаваны зернясклад. Машынна-трактарны парк значна папоўніўся, калі сельгаспрадпрыемства ўваходзіла ў склад Полацкага КХП.
З самага пачатку працуе з Францам Вершалоўскім Алена Філіповіч. Прапанаваў ёй – тады кладаўшчыку свінакомплекса – пасаду сакратара, а затым перавёў інспектарам па кадрах.
– Ён збіраў моцную каманду, каб мы былі ўзаемазамяняльныя, – сведчыць Алена Дзмітрыеўна. – Калі бачыць, што чалавек не спраўляецца са сваімі абавязкамі або хтосьці звальняецца, то імкнецца запоўніць гэтыя прабелы, таму пераводзіць на іншы ўчастак работы. Для яго важна захаваць прадпрыемства.
Старанныя работнікі ў пашане. Штогод партрэты прадстаўнікоў СУП «Цітова» заносяць на раённую Дошку гонару, яны ў ліку лаўрэатаў пачэснага звання «Чалавек года Міёршчыны» і «Жанчына года Міёршчыны».
Як строгага, але справядлівага кіраўніка апісваюць Франца Віктаравіча калегі. Пры гэтым заўсёды прыйдзе на выручку. Ва ўсім любіць дысцыпліну і парадак. Многія пытанні вырашаюцца лёгка, наконт іншых трэба адстойваць свой пункт гледжання. Аднак, каб узяць верх, неабходна прыводзіць жалезныя довады. Кожнае рашэнне кіраўніка абгрунтаванае, падмацаванае лічбамі. І за кожным прасочваецца клопат пра чалавека.
– Пры ўездзе ў Цвеціна стаялі двухпавярховыя дамы, усе яны былі закінутыя. Усё аднавіў і засяліў людзей. Круглы год працуе сталовая сельгаспрадпрыемства. Шмат каму дапамагаў у асабістых пытаннях. Моладзь заўсёды прыязджала ў добраўпарадкаванае жыллё, была забяспечана палівам. Для работнікаў увёў у севазварот бульбу і збожжа, калі пасевы апраўцоўвала гаспадарка, нарыхтоўвала сена, што значна спрашчала людзям жыццё. Потым гэтыя сродкі ўтрымлівалі з заробку, – дзеляцца калегі. – За клубам зрабіў дзіцячую пляцоўку, калі зачынілася школа, перанёс туды спартыўнае абсталяванне. Цяпер яе даглядаем і рамантуем. Штогод падтрымліваем школы з рамонтамі, прадастаўляем навагоднія падарункі дзецям, выдзяляем бульбу ўстановам адукацыі. Гэта бясплатная спонсарская дапамога. Да таго ж добраўпарадкоўваем тэрыторыі воінскіх пахаванняў.
Работнікі гаспадаркі актыўнічаюць у грамадскім жыцці раёна. Прымалі ўдзел у святах Дажынак і «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю», у мерапрыемствах, прымеркаваных да дзяржаўных дат. Нярэдка на базе сельгаспрадпрыемства праводзіліся абрады зажынак і засевак.
– Ён уклаў усю душу, усё здароўе ў гэтую гаспадарку. Чалавек справы: сказаў – зрабіў. А зрабіў вельмі шмат. Патрабавальны да сябе і іншых, – характарызуе дырэктара былы намеснік па жывёлагадоўлі Даната Шчалкун і дадае: – А як чалавек ён добры – заўсёды дапамагае людзям. Душэўны. Удзячная яму за ўзаемаразуменне, за работу, за ўсё.
Алена ВАРОНІНА.
Фота з архіва рэдакцыi