Канстанцін Бурэль і Эдгар Лязанін па праве лічацца лепшымі механізатарамі ў КУСП «Браслаўскі». Менавіта на іх плечы з году ў год кладуцца найбольшыя аб’ёмы палявых сельгасработ, што выконвае прадпрыемства. І вынік, трэба сказаць, бездакорны.
Лёс у хлопцаў вельмі падобны. Абодва мясцовыя, з дзяцінства любяць тэхніку, раслі з аглядкай кожны на свайго бацьку і пайшлі па іх слядах. Крыху больш старэйшы Канстанцін атрымаў спецыяльнасць трактарыста-машыніста ў профільным вучылішчы ў Відзах, Эдгар – у Глыбокім. З той пары і адзін, і другі шчыруюць побач у роднай гаспадарцы.
Так складваецца, што работы, якія ім даручаюць, аднатыпныя, калі не сказаць аднолькавыя. Таму іх выкананню заканамерна спадарожнічае дух здаровага саперніцтва: хто раней, хутчэй, больш, якасней… «І так кожны год, кожны сезон. Аднак імправізаванае спаборніцтва заўсёды спакойнае, добрае, часам жартаўлівае. Мы ўсе ведаем, як хлопцам важна праявіць сябе, таму ўсебакова спрыяем іх памкненням, дапамагаем, накіроўваем», – кажа дырэктар сельгаспрадпрыемства Леанід Крукаў.
Падтрымліваюць адзін аднаго і самі механізатары. Калі нехта зламаўся, другі міма не праедзе – так несумленна. «Сапернік» абавязкова прыпыніцца, падставіць плячо, прапануе разам вырашыць праблему – і толькі тады ў поле. Такі падыход і сяброўства ўзмацняе, і агульнай справе толькі на карысць ідзе.
Тым часам К. Бурэль і Э. Лязанін актыўна задзейнічаны ва ўсім спектры палявых работ і не толькі. За абодвума замацавана па тры адзінкі тэхнікі: трактары, касілкі, зернеўборачныя камбайны. Захоўванне, рамонт, тэхнічнае абслугоўванне, падрыхтоўка да эксплуатацыі – спрактыкаваныя механізатары адказваюць за ўсё. У майстэрні нярэдка таксама працуюць разам: буйныя дэталі ў адзіночку не зняць і назад не паставіць.
А вось чым адрозніваюцца напарнікі, дык гэта любімай справай у полі. У фаварытах у Канстанціна – ворыва і сяўба. Кажа, любіць працаваць з зямлёй. У асабістым жа рэйтынгу Эдгара па-за канкурэнцыяй сенакос: на касілцы некалі працаваў яго бацька, які і прышчапіў хлопцу цягу да гэтага працэсу.
Дарэчы, механізатары сябруюць і ў вольны ад работы час. Супадаюць у іх і жыццёвыя прыярытэты, а таксама інтарэсы: абодва добрыя сем’яніны, любяць рыбалку і клопаты вакол уласных аўтамабіляў.
Вось так жывуць і працуюць Канстанцін Бурэль і Эдгар Лязанін. Сапернікі і напарнікі, калегі і сябры. Амаль браты… ■
Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ. Фота аўтара.