Іван Гузеў чатыры гады назад скончыў Віцебскую ордэна «Знак Пашаны» акадэмію ветэрынарнай медыцыны, а так як у хлопца было мэтавае накіраванне, трапіў на сваё першае месца працы ў ААТ «Буеўшчына».
Больш вопытныя калегі, а ў іх ліку галоўны ветурач сельгаспрадпрыемства Ала Баговіч, на практыцы дапамагалі Івану авалодваць прафесіяй.
— Калі ў пачатку працоўнага шляху і былі складанасці, то паступова прызвычаіўся да ветэрынарнай справы, бо мне даспадобы прыносіць карысць братам нашым меншым, у прыватнасці, буйной рагатай жывёле, выяўляць прычыну захворвання, падбіраць адпаведныя лекі і бачыць канчатковы вынік — здаровага і поўнага жыццёвых сіл гадаванца, — кажа Іван.
Зусім нядаўна ў гаспадарцы ўвялі ў эксплуатацыю прафілакторый для ўтрымання маладняку буйной рагатай жывёлы на 200 галоў. Умовы, у якіх растуць маленькія цяляты, адпавядаюць існуючым патрабаванням. Навокал чысціня і парадак, харчуецца жывёла з дапамогай малочнага таксі, маецца ў рацыёне і камбікорм, а новыя клеткі для ўтрымання гадаванцаў — трывалыя і ўмяшчальныя. Кожны дзень Іван разам з Алай праводзяць агляд жывёлы, ажыццяўляюць планавую вакцынацыю супраць захворванняў.
Хутка ляціць час, пройдзе адзін год і ў маладога ветурача скончыцца тэрмін абавязковай адпрацоўкі. Магчыма, Іван вернецца на сваю малую радзіму — у Браслаўскі раён. Але, па ўсёй верагаднасці, застанецца ў гаспадарцы, дзе пачынаў свой працоўны шлях і рабіў першыя крокі ў авалоданні прафесіяй, вельмі патрэбнай грамадству.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.