Ёсць у народзе прыказкі: «Гаспадарка — клапатарка», «Хто полю годзіць, у таго жыта родзіць». Гэтая мудрасць актуальная і сёння, працаўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў нашага раёна яе даўно засвоілі.
Мікалай Чарткоў.
У гэтыя восеньскія дні трактары ў полі з раніцы і да вечара. На жаль, тэмпы іх працы зніжаны з-за прайшоўшых на мінулым тыдні дажджоў. Глеба пераўвільготнена, а на некаторыя ўчасткі з ураджаем тэхніка ўвогуле заехаць не можа.
Такую карціну мы назіралі ва ўрочышчы Казімірова сельгаспрадпрыемства «Палімір-агра» разам з дырэктарам гаспадаркі Дзянісам Зайцавым. Кукуруза вырасла, стаіць сцяной, а ўбраць яе праблематычна. Мы напаткалі за працай трох працаўнікоў. Аграном гаспадаркі і механізатар — маладыя, робяць першыя крокі ў прафесіі.
— Хочацца забраць ураджай з поля. Светлавы дзень зараз кароткі, імкнемся паспець больш зрабіць, — выказваў жаданне механізатар Сяргей Венідзіктаў, які з красавіка накіраваны на дапамогу сялянам з Полацкага раённага вузла паштовай сувязі Віцебскага філіяла РУП «Белпошта».
На асноўнай працы ён — вадзіцель, а тут — шчыруе ў полі. Мае вопыт кіравання сельскагаспадарчай тэхнікай, раней працаваў у «Палімір-агра».
— Будучыня ёсць у сельскай гаспадарцы, — упэўнена сцвярджаў дырэктар УП «Палімір-агра» Дзяніс Зайцаў. — Прыходзіць у гаспадарку моладзь, новыя тэхналогіі вырошчвання раслін, высокапрадукцыйная тэхніка ўплываюць на атрыманне высокіх ураджаеў і развіццё жывёлагадоўчай галіны.
Юнакоў і дзяўчат мы імкнемся ва ўсім падтрымліваць, яны ахвотна вучацца, апраўдваюць аказаны давер.
Аграном Надзея Грачушнік родам з Полацкага раёна, з вёскі Шпакоўшчына. Вырасла ў шматдзетнай сям’і, яна — самая малодшая, пятая. У школьныя гады зацікавілася працай галоўнага агранома ДП «Астроўшчына» Наталлі Глебкі, якая расказвала школьнікам пра расліны і радасць, якую адчувае пад час уборачнай кампаніі. Надзея скончыла Лужаснянскі аграрны каледж. «На справе праца агранома не такая лёгкая, як падалося. Трэба шмат ведаць не толькі пра расліны, але і пра догляд за імі, працаваць з лічбамі», — разважала дзяўчына.
На новым корманарыхтоўчым камбайне расійскай вытворчасці RSM F-2650 шчыруе Мікалай Чарткоў. Ён ганарыцца, што менавіта яму кіраўніцтва гаспадаркі даверыла тэхніку з магутным рухавіком, высокай прадукцыйнасцю, вялікай транспартнай хуткасцю. «Змяльчаючы апарат аснашчаны 40 нажамі, вывучаю сістэму аўтаматызацыі, у кабіне клімат-кантроль», — нахвальваў юнак «жалезнага каня». Любоў да тэхнікі яму прывіў бацька Леанід Мікалаевіч, які працуе ў іх гаспадарцы на трактары. Маці Зоя Фамінічна — бухгалтар у «Палімір-агра». Пасля заканчэння Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа Мікалай уладкаваўся ў мясцовую гаспадарку, адслужыў у арміі і вярнуўся на ранейшае месца.